ШВЕ́ЙНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна лёгкай прамысловасці, прадпрыемствы якой займаюцца пашывам верхняга адзення (мужчынскага, жаночага, дзіцячага), бялізны, прадметаў жан. туалету, галаўных убораў, вырабаў тэхн. прызначэння У сваім размяшчэнні арыентуецца на прац. рэсурсы і раёны спажывання прадукцыі (буйныя гарады), з’яўляецца адной з пашыраных галін прам-сці. Найб. развітую Ш.п. маюць ЗША, Японія, Вялікабрытанія, Францыя, Кітай, Італія, Германія, Расія і інш. На яе долю на Беларусі ў 2001 прыпадала 1,5% выпуску ўсёй прамысл. прадукцыі, 1% асн. вытв. фондаў і 5,2% прамыслова-вытв. персаналу, 33,9% усяго прыбытку, атрыманага лёгкай прам-сцю; рэнтабельнасць вытв-сці склала 11,1%.

Пашыў швейных вырабаў на Беларусі пачаўся ў 17 ст., але пераважала саматужная вытв-сць, асабліва на вёсцы. Толькі ў гарадах (Мінск, Віцебск, Гомель і інш.) існавалі невял. майстэрні па пашыве швейных вырабаў. Буйная Ш.п. на Беларусі пачала стварацца ў 1930-я г., калі былі пабудаваны буйныя прадпрыемствы: ф-кі «Сцяг індустрыялізацыі» ў Віцебску, імя Крупскай у Мінску, імя Валадарскага ў Магілёве, «Камітэрн» у Гомелі і інш.

Вытворчасць швейных вырабаў на Беларусі (тыс. шт.)
Вырабы 1990 1995 2001
Паліто, паўпаліто 3656 1261 1581
з іх шарсцяныя 2824 623 1198
Плашчы 448 398 266
Касцюмы 3034 674 958
Сукенкі (у т. л. сарафаны, халаты) 13219 1222 1001
Блузкі 1301 1000 1305
Кашулі верхнія 9662 3211 2665

На 1.1.2003 на Беларусі дзейнічае больш за 250 прадпрыемстваў Ш.п. Сярод іх ёсць буйныя прадпрыемствы, якія спецыялізуюцца на пэўных швейных вырабах («Камінтэрн» у Гомелі, «Сцяг індустрыялізацыі» ў Віцебску, «Мілавіца» і «Прагрэс» у Мінску, «Калінка» ў Салігорску, «Эліз» у Дзяржынску, «Вяснянка» ў Магілёве, Бабруйская фабрыка мастацкіх вырабаў, Магілёўская фабрыка мастацкіх вырабаў і інш.). Швейныя вырабы выпускаюць таксама некат. раённыя камбінаты каап. прам-сці, швейныя майстэрні ў месцах зняволення, асобныя індывід. прадпрыемствы. Дзейнічаюць сумесныя прадпрыемствы («Джэрсі» ў Брэсце, «Гартэн» у Баранавічах і інш.). Частка швейных вырабаў ідзе на экспарт. У 2001 экспарт верхняга жан. адзення склаў 62,9 млн. дол., у т. л. ў Расію 21,2 млн., у ЗША 14,6 млн., у Германію 7,1 млн., на Віргінскія а-вы 6,9 млн., у Нідэрланды 5,3 млн.; інш. жан. адзення — 36,6 млн. дол., у т. л. ў ЗША 14,3 млн., у Германію 9,4 млн., у Нідэрланды 5,4 млн., у Расію 3,6 млн. дол.

П.​І.​Рогач.

т. 17, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)